ГЛАВА 2.  САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ І ПАЛІТЫЧНАЕ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСІ Ў ПЕРЫЯД ГЕРМАНСКАЙ АКУПАЦЫІ. НАЦЫЯНАЛЬНА-ДЗЯРЖАЎНАЕ БУДАЎНІЦТВА

^ ГЛАВА 2.  САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ І ПАЛІТЫЧНАЕ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСІ Ў ПЕРЫЯД ГЕРМАНСКАЙ АКУПАЦЫІ. НАЦЫЯНАЛЬНА-ДЗЯРЖАЎНАЕ БУДАЎНІЦТВА


§ 1. Беларусь пасля падпісання Брэсцкага мірнага дагавора. Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні і культурнае будаўніцтва на свабоднай ад нямецкіх акупантаў тэрыторыі Беларусі
Становішча Савецкай Расіі ўскладнялася тым, што яна знаходзілася ў стане вайны з Германіяй. У сувязі з тым, што краіны Антанты адмовіліся ад мірных перагавораў, савецкі ўрад рашыў пачаць сепаратныя перагаворы з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. 2 снежня 1917 г. было падпісана пагадненне аб перамір’і, а 9 – у Брэст-Літоўску пачаліся мірныя перагаворы.

3 сакавіка 1918 г. быў падпісаны мірны Дагавор на вельмі цяжкіх умовах, навязаных Германіяй. Паводле гэтага дагавора, пад нямецкай акупацыяй апынулася большая частка тэрыторыі Беларусі.

Брэсцкі мірны дагавор быў несправядлівы і грабежніцкі. Асабліва цяжкімі былі яго вынікі для працоўных Беларусі. Германіі Беларусь уяўлялася толькі як частка тэрыторыі Расіі, як залог пад ваенную кантрыбуцыю, выплаціць якую павінна была Савецкая Расія.

Такім чынам, у выніку нямецкай акупацыі Беларусь была падзелена на дзве часткі. Разгледзім перш-наперш становішча, якое склалася ў 1918 г. на свабоднай ад нямецкіх акупантаў частцы тэрыторыі Беларусі.

На неакупіраванай тэрыторыі Беларусі важнейшай задачай партыйных і савецкіх органаў стала дапамога Чырвонай Арміі, павышэнне баяздольнасці чырвонаармейскіх і іншых рэвалюцыйных атрадаў.

У адпаведнасці з дэкрэтам СНК ад 8 красавіка 1918 г. быў створаны новы ваенна-адміністрацыйны апарат: акруговыя, губернскія, павятовыя і валасныя камісарыяты па ваенных справах.

У адпаведнасці з рашэннем ІІ з’езда Саветаў Заходняй вобласці ў красавіку 1918 г. быў створаны Савет народнай гаспадаркі Заходняй вобласці, а ў маі–снежні – губернскія і павятовыя саўнаргасы. Яны працягвалі распачатую ў канцы 1917 г. работу па ўстанаўленні рабочага кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем, за дзейнасцю чыгунак, фінансавых, харчовых і іншых устаноў, ажыццяўлялі нацыяналізацыю фабрык і заводаў. Толькі з сакавіка да верасня 1918 г. у 12 паветах было нацыяналізавана 31 прамысловае прадпрыемства. На іншых заводах і фабрыках устанаўліваўся рабочы кантроль. Саўнаргасы арганізоўвалі рамонт старых прадпрыемстваў, адкрывалі новыя. У Віцебску да лета 1918 г. была наладжана работа гарбарнай, сталярнай, швейнай, шапачнай, шавецкай, шорнай і іншых майстэрань, на якіх працавала больш за 1 тыс. чалавек. Дзесяткі прамысловых прадпрыемстваў, якія выпускалі прадукцыю для Чырвонай Арміі і прадметы шырокага ўжытку, былі адкрыты ў Мсціславе, Сянно і іншых гарадах.

Аднак, нягледзячы на прынятыя меры па барацьбе з разрухай, становішча гаспадаркі Беларусі было цяжкае. У канцы 1918 г. на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў дзейнічалі толькі 92 прадпрыемствы, або 23,6 % ад іх колькасці ў 1913 г. На іх было занята 18 тыс. рабочых – 52,6 % да 1913 г.

У Магілёўскай і Віцебскай губернях у адпаведнасці з дэкрэтам УЦВК ад 11 чэрвеня 1918 г. была створана густая сетка камітэтаў вясковай беднаты.

На свабоднай ад ворага тэрыторыі органы савецкай улады правялі значную работу па культурнаму будаўніцтву. Асаблівая ўвага надавалася арганізацыі народнай адукацыі.

Такім чынам, гаспадарчая і культурна-асветная дзейнасць, якая праводзілася на свабоднай ад нямецкіх акупантаў тэрыторыі Беларусі ў 1918 г., была накіравана на аказанне дапамогі Чырвонай Арміі, умацаванне новай, савецкай улады, павышэнне агульнаадукацыйнага і культурнага ўзроўню працоўных.

^ § 2. Барацьба беларускага народа супраць нямецкіх акупантаў. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)
На тэрыторыі Беларусі, захопленай нямецкімі акупантамі, быў устаноўлены каланіяльны рэжым. Уся ўлада перайшла ў рукі ваеннага камандавання. Разам з акупантамі сюды вярнуліся капіталісты і памешчыкі. Па распараджэнні нямецкага камандавання ім вярталася раней нацыяналізаваная ў іх маёмасць. Капіталісты і памешчыкі жорстка помсцілі працоўным. Яны арганізоўвалі лакауты, закрывалі прадпрыемствы. Падчас акупацыі ў Мінску не працавалі лесапільныя, гарбарны і дражджавы заводы, тытунёвая фабрыка, майстэрні. Аналагічнае становішча стварылася і ў іншых гарадах. На прадпрыемствах рабочы дзень працягваўся 12–14 гадзін. Рабочыя мітынгі, сходы былі забаронены.

Памешчыкі з дапамогай нямецкіх карных атрадаў забіралі ў сялян зямлю, жывёлу, сельскагаспадарчы інвентар, спаганялі розныя падаткі. Акупанты вывозілі ў Германію матэрыяльныя каштоўнасці, прымусова адпраўлялі на цяжкія работы найбольш фізічна здаровых людзей. Толькі вясной 1918 г. з Мінска было вывезена ў Германію 15 тыс. чалавек. Кошт нарабаваных на Беларусі немцамі матэрыяльных каштоўнасцей у 1918 г. перавышаў 5 млрд марак. У выніку прамысловасць і сельская гаспадарка Беларусі, якія і без таго былі разбураны вайной, усё больш прыходзілі ў заняпад. Архіўныя дакументы сведчаць аб тым, што на захопленай тэрыторыі немцы ўстанавілі жорсткі грабежніцкі каланіяльны рэжым.

На барацьбу з акупантамі ўзняліся працоўныя Беларусі. Пад кіраўніцтвам Паўночна-Заходняга абласнога камітэта партыі бальшавікоў на захопленай ворагам тэрыторыі была створана сетка падпольных партыйных арганізацый. Работу іх узначальвалі тры падпольныя раённыя камітэты РКП(б) – Мінскі, Палескі і Бабруйскі.

У цяжкіх умовах барацьбы з акупантамі рабочы клас асобных гарадоў Беларусі змог захаваць свае органы ўлады – Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Актыўна працавалі ў падполлі Мінскі і Гомельскі Саветы. Яны прымалі дзейсны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні рабочых забастовак, дэманстрацый.

Разам з рабочымі супраць акупантаў актыўна змагалася беларускае сялянства. У чэрвені 1918 . у Слуцкім павеце сялянамі быў знішчаны атрад нямецкіх салдат. У Сенненскім павеце сяляне паўсталі, у Лепельскім – забілі нямецкага каменданта і знішчылі гарнізон.

На захопленай ворагам тэрыторыі разгарнуўся партызанскі рух. Паводле няпоўных звестак, толькі на тэрыторыі Мінскага, Магілёўскага, Бабруйскага, Гомельскага, Рэчыцкага, Слуцкага і Быхаўскага паветаў да восені 1918 . налічвалася каля 100 партызанскіх атрадаў. Партызанскія атрады дзейнічалі ў Полацкім, Мазырскім, Пінскім, Навагрудскім і іншых паветах. Многія з іх з’яўляліся буйнымі баявымі адзінкамі.

Вялікая роля ў барацьбе беларускага народа супраць нямецкіх захопнікаў належала ЦК РКП(б), які ажыццяўляў пастаяннае кіраўніцтва бальшавіцкімі падпольнымі партыйнымі арганізацыямі як праз Паўночна-Заходні абласны камітэт, так і праз сваіх прадстаўнікоў.

На захопленай нямецкімі акупантамі тэрыторыі Беларусі значна актывізаваўся беларускі нацыянальны рух. 19 лютага 1918 г., яшчэ да захопу нямецкімі войскамі Мінска, выканком Савета Усебеларускага з’езда выдаў загад № 1 па гарнізону аб тым, што нямецкая армія павінна ўбачыць спакойнае мірнае жыццё насельніцтва, якое не жадае бязглуздай вайны. У другім параграфе загада гаварылася аб увядзенні ваеннага становішча. 21 лютага выканком звярнуўся з Устаўной граматай да народаў Беларусі.

Выканком утварыў урад – Народны сакратарыят. Старшынёй урада стаў адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады. Я. Варонка. У склад урада ўвайшло 15 народных сакратароў. Былі ўтвораны сакратарыяты: унутраных спраў, асветы, юстыцыі, народнай гаспадаркі, шляхоў зносін, фінансаў, велікарускіх спраў, пошты і тэлеграфа, кантролю, сельскай гаспадаркі і інш.

9 сакавіка 1918 . адбылося пашыранае пасяджэнне выканкома Савета Усебеларускага з’езда (тады ў яго складзе быў 71 чалавек). На пасяджэнні была прынята 2-я Устаўная грамата да народа Беларусі. У гэтым дакуменце Беларусь абвяшчалася Народнай Рэспублікай. Прэзідыум выканкома ўзначаліў І. Серада, які, як і Я. Варонка, прадстаўляў правае крыло БСГ. Апрача агульнапалітычнага ўступу, грамата змяшчала 8 пунктаў, у якіх вызначаліся асноўныя задачы абвешчанай рэспублікі.

1-я і 2-я Устаўныя граматы да народа Беларусі вызначалі асноўныя прынцыпы дзяржаўнага ладу рэспублікі, яе тэрыторыю, правы і свабоды грамадзян, а таксама формы ўласнасці. Аднак трэба адзначыць, што ў граматах не былі дастаткова выразна акрэслены сацыяльна-палітычныя задачы.

Устаўныя граматы падтрымалі эсэры і меншавікі, якія да гэтага часу адмаўлялі саму ідэю беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Таму выпрацоўваецца агульная тактыка ў нацыянальным пытанні. На яе аснове стаў умацоўвацца саюз беларускіх палітычных партый з расійскімі сацыялістычнымі партыямі. Агульным для іх было тое, што яны выступалі за ідэю склікання Устаноўчага схода, парламенцкую рэспубліку, супраць курсу бальшавікоў на сусветную рэвалюцыю, класавую барацьбу. Па ініцыятыве ЦК БСГ 19 сакавіка 1918 г. выканком быў перайменаваны ў Раду БНР.

25 сакавіка 1918 г. на сесіі Рады была абмеркавана і прынята 3-я Устаўная грамата. Грамата павінна была завяршыць працэс самавызначэння і канчаткова канстытуіраваць утварэнне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Галоўным у грамаце было абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Ад каго? У першую чаргу ад Расіі. “Незалежнікі” выступалі за разрыў усякіх адносін з Расіяй.

Якія адносіны да БНР і яе кіруючых органаў былі з боку кайзераўсай Германіі? Перш-наперш трэба адзначыць, што германская акупацыйная адміністрацыя спакойна рэагавала на акт абвяшчэння БНР. Яна добра разумела, што ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці ва ўмовах грамадзянскай вайны і супрацьстаяння розных палітычных і сацыяльных сіл ніякіх поспехаў мець не будзе. Таму галоўнай лініяй у нямецкай акупацыйнай палітыцы ў адносінах да БНР было непрызнанне яе афіцыйным Берлінам. Гэта палітыка грунтавалася на ўзятым Германіяй абавязацельстве не падтрымліваць ніякіх сепаратысцкіх тэндэнцый у расійскіх межах, зафіксаваным Брэсцкім мірным дагаворам.

Аднак найбольшую самастойнасць Рада БНР атрымала ў галіне культуры і адукацыі. На працягу ўсяго 1918 г. у Мінску і Вільні на старонках перыядычнага друку ішла распрацоўка беларускай літаратурнай мовы. Пэўны ўклад у гэта ўнеслі Я. Станкевіч, А. Луцкевіч, Я. Лёсік і інш. Вынікам дадзенай працы з’явілася абвяшчэнне ў пачатку красавіка 1918 г. на адным з пасяджэнняў Рады БНР беларускай мовы дзяржаўнай. З пачатку красавіка 1918 г. пры Народным сакратарыяце асветы БНР сталі працаваць курсы беларусазнаўства, дзе чыталіся лекцыі па беларускай гісторыі, геаграфіі, мове, літаратуры. За месяц на іх паступіла каля 200 чалавек. Важнай галіной дзейнасці Сакратарыята асветы было адраджэнне нацыянальнай школы. Калі на пачатку 1918 г. у Мінску налічвалася толькі 4 нацыянальныя школы, то ужо ў чэрвені іх колькасць вырасла да 20. Шырока ажыццяўлялася выдавецкая справа. У 1918 г. працавала 11 выдавецтваў. У Мінску адкрыліся Беларускі педагагічны інстытут, рэктарам якога стаў прафесар В. Іваноўскі, выкладчыкамі – Я. Карскі, Б. Тарашкевіч, У. Ігнатоўскі і інш. Працавалі беларускі тэатр і іншыя ўстановы культуры. Выдаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы.

Народны сакратарыят БНР атрымаў ад нямецкага камандавання некаторыя правы і ў галіне міжнароднай палітыкі. БНР мела сваіх прадстаўнікоў на Украіне, у Літве, працавалі дыпламатычныя місіі ў Варшаве і Берліне. Увогуле ж міжнародныя справы БНР складваліся вельмі дрэнна. Ва ўмовах вайны з Германіяй і грамадзянскай вайны ў Расіі ўрады краін Антанты і ЗША не праявілі зацікаўленасці да БНР, каб не пазбавіць сябе адчыненых дзвярэй для інтэрвенцыі ў Савецкую Расію. Безвыніковым быў зварот урада БНР да ўрада Германіі з просьбай аб прызнанні самастойнасці Беларусі і ўстанаўленні з мясцовымі нямецкімі ўладамі такіх адносін, якія дазволілі б БНР мець войска для ўмацавання сваёй улады. На пасланыя ў Берлін тры граматы рэйхсканцлер паведаміў Народнаму сакратарыяту, што Берлін лічыць Беларусь часткай Савецкай Расіі і што без урада Леніна вырашыць гэта пытанне не можа.

Вось у такіх складаных умовах Рада БНР пайшла на рашучы крок, пакінуўшы ў гісторыі вельмі сумнае ўражанне. 25 красавіка 1918 г. на закрытым пасяджэнні Рады быў прыняты тэкст тэлеграмы германскаму імператару Вільгельму, у якой выказвалася падзяка за вызваленне Беларусі ад бальшавіцкага прыгнёту і анархіі.

Пасылка Радай тэлеграмы выклікала востры палітычны кразіс у самой Радзе, яе пакінулі эсэры, меншавікі, яўрэйскія сацыялісты. Стаў распадацца Народны сакратарыят. Адзін з лідэраў БСГ, народны сакратар па справах земляробства Т. Грыб, заявіў: “Я пратэстую супраць такой тэлеграмы… і лічу здрадай рэвалюцыйнаму сацыялізму ўваходзіць у саюз з манархам і аддаваць пад апеку імперыялістычнай буржуазіі Германіі наш шматмільённы працоўны сялянскі народ…”.

Крызіс прывёў да расколу БСГ. З яе прыхільнікаў утварыліся новыя партыі: сацыялістаў-рэвалюцыянераў, сацыял-дэмакратаў, сацыялістаў-федэралістаў. Тэлеграма выклікала новую хвалю пратэсту амаль усяго грамадства.

У выніку складаных абставін у Радзе сталі замацоўвацца кансерватыўныя сілы. Вымушаны быў скласці свае паўнамоцтвы Народны сакратарыят. Па прапанове акупацыйнай адміністрацыі фарміраванне новага складу сакратарыята ўзяў на сябе Р. Скірмунт.

Між тым летам 1918 г. рэзка змянілася міжнароднае становішча. Поспехі Чырвонай Арміі на франтах грамадзянскай вайны, барацьба працоўных у тыле акупантаў, узмацненне рэвалюцыйных настрояў сярод нямецкіх салдат вымусілі ўрад Германіі пайсці на тое, каб вывесці войскі з часткі захопленай тэрыторыі.

Заканчэнне першай сусветнай вайны і Лістападаўская рэвалюцыя ў Германіі далі магчымасць савецкаму ўраду 13 лістапада 1918 г. скасаваць Брэсцкі мірны дагавор. Паводле дэкрэта УЦВК, усе абавязацельствы савецкай улады наконт тэрытарыяльных уступак і выплаты кантрыбуцыі аб’яўляліся несапраўднымі. Германскае камандаванне, баючыся канчатковага развалу акупацыйнай арміі, 16 лістапада 1918 г. аддало загад вывесці яе з Расіі. З гэтага моманту пачаўся новы этап у вызваленні беларускай зямлі ад акупантаў. Прасоўваючыся за нямецкімі войскамі, Заходняя армія хутка ачышчала ад праціўніка тэрыторыю Беларусі. 21 лістапада 1918 г. былі вызвалены Полацк, Жлобін, 28 лістапада – Бабруйск, 2 снежня – Барысаў, 5 снежня – Асіповічы і Калінкавічы, 8 снежня – Слуцк, 10 снежня Чырвоная Армія вызваліла большую частку Украіны, Эстоніі і Літвы. На вызваленай тэрыторыі Беларусі была адноўлена савецкая ўлада. Ствараліся яе органы: ваенныя саветы, рэвалюцыйныя камітэты, выканкомы Саветаў. Праводзіліся рэвалюцыйныя пераўтварэнні ў народнай гаспадарцы.

Такім чынам, абвяшчэнне БНР з’явілася першай спробай рэалізацыі на практыцы беларускай ідэі, што ўзнікла яшчэ на пачатку ХІХ ст., сукупнасці ўсіх трох яе асноватворных элементаў – нацыянальнай свядомасці, нацыянальна-культурнага адраджэння і нацыянальнай дзяржаўнасці.

У такіх умовах жорсткага акупацыйнага рэжыму Рада БНР не магла аказаць сваім грамадзянам дзейснай дапамогі, выратаваць іх ад знішчэння, вывазу ў Германію, прадухіліць разбурэнне нацыянальнага багацця.

БНР не магла здзяйсняць свае функцыі і таму, што яе Рада аб’явіла аб разрыве сувязей з Расіяй, не ўлічваючы настрою беларускага народа. Гэта рашэнне было прынята палітычнай нацыянальнай элітай без актыўнага ўдзелу народа.

Нельга адмаўляць, што Рада БНР і яе Народны сакратарыят утварылі пэўную палітычную структуру з зародкамі дзяржаўнай арганізацыі. Аднак у прамым сэнсе БНР дзяржавай не была. Дзяржаўнасць патрабуе не толькі абвяшчэння дэкларацый, якімі б добрымі яны ні былі, але галоўнае – функцыяніравання сапраўднай сістэмы органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады на канкрэтнай тэрыторыі, распрацоўкі і прыняцця законаў і іх выканання, г. зн. праватворчай дзейнасці, забеспячэння правоў і свабод сваіх грамадзян. Нічога такога фактычна не было. Хоць рэспубліка і абвяшчалася ў этнаграфічных межах пражывання беларусаў, юрысдыкцыю на гэтай тэрыторыі яна не здзяйсняла. Не было войска, адсутнічала фінансавая сістэма, не склаліся мясцовыя органы ўлады. Функцыі ўрада БНР абмяжоўваліся паўнамоцтвамі нацыянальнага прадстаўніцтва пры германскай акупацыйнай адміністрацыі і рашэннем некаторых задач у культурна-асветнай галіне.

Аднак гэта быў першы крок барацьбы за беларускую дзяржаўнасць. Незалежнасць і свабода, аб’яўленыя 25 сакавіка 1918 г., так і засталіся жаданнем і надзеяй.

^ § 3. Утварэнне Беларускай ССР. Аб’яднанне Беларускай ССР з Літоўскай ССР
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў і аднаўлення савецкай улады зноў паўстала пытанне аб утварэнні беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Але па гэтым пытанні не было адзінай думкі. Існавала некалькі пазіцый:

1. Пазіцыя кіраўніцтва Паўночна-Заходняга абкома РКП(б), Аблвыканкомзаха і Абласнога Савета Народных Камісараў. Узначальвалі гэтыя органы не беларусы (А. Мяснікоў, К. Ландар, В. Кнорын, М. Калмановіч, У. Алібегаў, С. Берсан і інш.). Ім цяжка было зразумець нацыянальныя інтарэсы беларускага народа. Яны лічылі, што Беларусь павінна быць тэрытарыяльнай адміністрацыйна-гаспадарчай адзінкай РСФСР. Іх погляды складваліся пад уздзеяннем многіх фактараў, у тым ліку і ідэі сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі, а самавызначэнне народаў, утварэнне нацыянальных дзяржаў, іх межы – перашкода на гэтым шляху.

2. Іншую пазіцыю па пытанні аб нацыянальным лёсе Беларусі адстойваў Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацком), утвораны 31 студзеня 1918 г. пры камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР. Кіраўнікі Белнацкома А. Чарвякоў, З. Жылуновіч і іншыя лічылі неабходным стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўстанаўленне цесных сувязей з РСФСР (на прынцыпах аўтаноміі). Гэту пазіцыю падтрымлівала Цэнтральнае бюро беларускіх секцый РКП(б), арганізаваных з бежанцаў-беларусаў у розных гарадах Расіі – Маскве, Петраградзе, Саратаве, Тамбове, Казані і інш. Усяго ў Расіі знаходзілася 1,5 млн беларусаў-бежанцаў.

Белнацком і кіраўнікі беларускіх секцый зрабілі шмат намаганняў, каб здзейсніць свае планы.

Пытанне аб неабходнасці стварэння беларускага савецкага ўрада разглядалася і на канферэнцыі беларускіх камуністычных секцый, якая адбылася ў Маскве 21–23 снежня 1918 г. У рабоце канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі ад маскоўскай, петраградскай, саратаўскай, тамбоўскай і мінскай секцый. У прывітальных тэлеграмах ЦК партыі, УЦВК, Саўнаркому, Наркомнацу канферэнцыя выказала надзею, што ідэя беларускай савецкай дзяржаўнасці сустрэне падтрымку вышэйшага кіраўніцтва. Сярод прынятых канферэнцыяй рашэнняў важнейшай была рэзалюцыя аб утварэнні беларускага савецкага ўрада. Дэлегацыя канферэнцыі на чале з З. Жылуновічам звярнулася з дадзенай прапановай да І. Сталіна. Але І. Сталін, які падтрымліваў пазіцыю Паўночна-Заходняга камітэта РКП(б) і Аблвыканкомзаха, зноў не адрэагаваў на гэту ініцыятыву.

Пытанне аб лёсе Беларусі стала прадметам тэрміновага разгляду ў ЦК РКП(б). Ёсць падставы сцвярджаць, што гэта адбылося па ініцыятыве У. Леніна. 24 снежня 1918 г. Пленум ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Пленум абавязаў Паўночна-Заходні абком РКП(б) правесці партыйна-арганізацыйную работу па нацыянальна-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі.

Такім чынам, пад уздзеяннем ЦК РКП(б) Наркомнац, а затым і Паўночна-Заходні абком РКП(б), Аблвыканкомзах, СНК Заходняй вобласці памянялі свае адносіны да лёсу Беларусі. Яны нават пайшлі далей у вызначэнні юрыдычнага статусу Беарусі, як Белнацком і беларускія камуністычныя секцыі, якія прытрымліваліся прынцыпу аўтаноміі Беларусі ў складзе РСФСР.

30 снежня 1918 г. адкрылася VI Паўночна-Заходняя абласная партыйная канферэнцыя. Дэлегаты канферэнцыі аднагалосна выказаліся за абвяшчэнне БССР. Канферэнцыя вызначыла межы рэспублікі і па дакладу камісіі, утворанай для вывучэння гэтага пытання, прыйшла да высновы, што ў склад рэспублікі павінны ўвайсці Мінская, Магілёўская, Гродзенская губерні поўнасцю, Віцебская губерня без Дзвінскага, Рэжыцкага і Люцынскага паветаў, а таксама частка тэрыторыі прымежных губерняў, населеных пераважна беларусамі. Гэта частка Гжацкага, Сычэўскага, Вяземскага і Юхноўскага паветаў Смаленскай губерні, частка Нова-Аляксандраўскага павета Ковенскай губерні, увесь Вілейскі павет, частка Свянцянскага і Ашмянскага паветаў Віленскай губерні, а таксама Аўгустоўскі павет Сувалкаўскай губерні. У склад БССР камісія ўключыла чатыры паўночныя паветы Чарнігаўскай губерні: Суражскі, Мглінскі, Старадубскі і Навазыбкаўскі.

Такім чынам, былі ў асноўным вызначаны этнаграфічныя межы беларускай нацыі, эканамічныя, гістарычныя і нацыянальныя асаблівасці асобных губерняў, паветаў і валасцей. Пазней пры больш дасканалым уліку нацыянальнага складу насельніцтва гэтыя межы ўдакладняліся. У адміністрацыйна-гаспадарчых адносінах было вырашана падзяліць тэрыторыю рэспублікі на 7 раёнаў – Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі, Баранавіцкі і 54 падраёны. Намечаны адміністрацыйны падзел БССР не быў ажыццёўлены ў сувязі з польска-савецкай вайной, якая пачалася вясной 1919 г. Канферэнцыя абвясціла сябе І з’ездам Кампартыі бальшавікоў Беларусі. Быў створаны кіруючы орган КП(б)Б – Цэнтральнае бюро КП(б)Б. На першым яго пасяджэнні быў выбраны прэзідыум ЦБ КП(б)Б у складзе А. Мяснікова, М. Калмановіча і В. Кнорына. Старшынёй прэзідыума стаў А. Мяснікоў.

31 снежня 1918 г. ЦБ КП(б)Б абмеркавала пытанне аб складзе Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада БССР. Было вырашана, што ва ўрад увойдуць прадстаўнікі ад Белнацкома і Цэнтральнага бюро беларускіх секцый РКП(б), ад Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б) і Аблвыканкомзаха. Старшынёй урада быў зацверджаны З. Жылуновіч, членамі – А. Мяснікоў, А. Чарвякоў і іншыя, усяго 17 чалавек. У складзе ўрада было створана 16 аддзелаў (наркаматаў) і 2 калегіі – надзвычайная і па справах палонных і бежанцаў.

1 студзеня 1919 г. Часовы ўрад Беларусі абнародаваў маніфест у сувязі з утварэннем БССР. “З сённяшняга дня Беларусь, – гаварылася ў ім, – Савецкая рэспубліка, становіцца рэспублікай працоўнага народа, рабочых, сялянскай беднаты і чырвонаармейцаў”. З гэтага дня ўся ўлада на Беларусі, адзначалася ў маніфесце, належыць Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Зямля з жывым і мёртвым інвентаром, лясы, воды і нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі і заводы, банкі становяцца ўласнасцю народа. Маніфест абвясціў раўнапраўе працоўных усіх нацыянальнасцей на тэрыторыі Беларусі, адмяніў усе загады і распараджэнні акупацыйных улад, аб’явіў па-за законам Беларускую раду.

У сувязі з абвяшчэннем БССР вышэйшая ўлада на тэрыторыі рэспублікі перайшла да Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада. Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці склаў свае паўнамоцтвы. Толькі губвыканком Віцебскай і Магілёўскай губерняў, якія ў перыяд утварэння БССР знаходзіліся ў складзе РСФСР, па-ранейшаму кіравалі народнай гаспадаркай гэтых губерняў. Заходняя вобласць была скасавана.

5 студзеня 1919 г. Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад БССР, ЦБ КП(б)Б пераехалі ў Мінск, які з гэтага часу стаў сталіцай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

2–3 лютага 1919 г. у Мінску адбыўся І Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. З’езд абмеркаваў наступныя пытанні: аб бягучым моманце, справаздачу Часовага ўрада Беларусі, аб адносінах да савецкіх рэспублік, аб Канстытуцыі БССР, выбары ЦВК БССР. Старшыня УЦВК Я. Свярдлоў, які прысутнічаў на з’ездзе, абвясціў пастанову прэзідыума УЦВК “Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі”. У адказ з’езд прыняў “Дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай і РСФСР”.

І Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў Канстытуцыю БССР – Асноўны закон рэспублікі на пачатковым этапе яе развіцця. У адпаведнасці з канстытуцыяй найвышэйшая ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі яе здзяйсняў Цэнтральны выканаўчы камітэт. У склад выбранага на з’ездзе ЦВК БССР увайшло 50 чалавек – 45 камуністаў, 2 бундаўцы, 2 члены партыі Паалей-Цыён, адзін меншавік.

І Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў рашэнне аб аб’яднанні Беларускай ССР і Літоўскай ССР у адну дзяржаву – Літоўска-Беларускую ССР (Літбел). Гэта рашэнне зноў жа было праведзена паводле ўказання ЦК РКП(б). 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) патрабаваў прыняць на з’ездзе Саветаў Беларусі пастанову аб аб’яднанні Беларусі з Літвой. Літоўцам таксама прапанавалася як мага хутчэй склікаць свой з’езд і прыняць такое ж рашэнне.

27 лютага 1919 г. ствараюцца ЦВК Літоўска-Беларускай ССР і яго прэзідыум на чале з К. Цыхоўскім, урад аб’яднанай рэспублікі – Савет Народных Камісараў на чале з В. Міцкявічусам-Капсукасам. Для кіраўніцтва народнай гаспадаркай быў створаны Вышэйшы Савет народнай гаспадаркі. У склад Літбела ўвайшла тэрыторыя Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і частка Сувалкаўскай губерняў з больш як 4-мільённым насельніцтвам. У сувязі з утварэннем Літоўска-Беларускай ССР узнікла неабходнасць зліць і камуністычныя партыі Літвы і Беларусі. На аб’яднальным з’ездзе (4–6 сакавіка 1919 г.) быў абраны ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі (ЦК КП(б) ЛіБ). 6 сакавіка 1919 г. Пленум ЦК КП(б) ЛіБ стварыў прэзідыум ЦК КП(б) ЛіБ. Старшынёй прэзідыума быў выбраны В. Міцкявічус-Капсукас, сакратаром В. Кнорын. Сталіцай аб’яднанай дзяржавы стаў г. Вільня.

Так Беларуская Савецкая Рэспубліка праз месяц пасля абвяшчэння незалежнасці і ўтварэння сваёй дзяржаўнасці стала часткай аб’яднанай дзяржавы – Літбела.


3620529883779557.html
3620605311682552.html
3620789049195646.html
3620954095309283.html
3621119084939029.html